Грузія дэпартавала ў сакавіку амаль сотню замежнікаў, у іх ліку былі беларусы
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Грузія дэпартавала ў сакавіку 97 замежных грамадзян, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў гэтай дзяржавы.

Фота іллюстрацыйнае. Фота: pixabay.com
Фота іллюстрацыйнае. Фота: pixabay.com

Дэпартаваныя з’яўляюцца грамадзянамі 18 краін: Індыі, Беларусі, Кітая, Таджыкістана, Азербайджана, Расіі, Бангладэш, ЗША, Ірака, Ірана, Нігерыі, Туркменістана, Турцыі, Егіпта, Пакістана, Камеруна, Іарданіі і Кыргызстана.

Падрабязную статыстыку па краінах МУС не прадставіла.

«Частка замежных грамадзян пакінула Грузію добраахвотна, а частка была прымусова выправаджаная з краіны ў выніку захадаў, прынятых Дэпартаментам міграцыі [МУС]. Высланым асобам у адпаведнасці з законам быў забаронены ўезд у краіну», — гаворыцца ў паведамленні.

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі «з'яўляецца органам, адказным за барацьбу з нелегальнай міграцыяй унутры краіны», адзначае ведамства. «Адна з яго кампетэнцый» — «выяўленне замежных грамадзян, якія знаходзяцца ў Грузіі без законных падстаў, і ажыццяўленне іх выправаджэння», падкрэслілі ў МУС.

Грузія стала адной з краін, у якую эмігравала нямала беларусаў, ратуючыся ад распачатых пасля падзей 2020 года рэпрэсій. У краіне пражывае каля 12 тыс. беларускіх грамадзян. Іх колькасць паступова змяншаецца ў сувязі з працяглым палітычным крызісам і заканчэннем тэрміну дзеяння пашпартоў, якія пасля ўказа Аляксандра Лукашэнкі, выдадзенага ў верасні 2023 года, немагчыма абмяняць за мяжой.

Улады Грузіі адхіляюць усе заявы беларусаў пра наданне прытулку. Кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі (абраны аднапартыйным парламентам прэзідэнт Міхеіл Кавелашвілі павіншаваў таго з «перавыбраннем»), яе метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.