«Чалавеку нельга забараніць імкнуцца да свабоды». Ціханоўская і Латушка звярнуліся да беларусаў у Дзень Волі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 
/

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка звярнуліся да беларусаў у Дзень Волі, 25 сакавіка.

0:00/ 1:58
В ЭФИРЕКачествоАвто 1  СкоростьОбычная  

«Мы ўсе ведаем і з цеплынёй беражом у сэрцах дату 25 сакавіка. Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень, калі Беларусь выйшла з ценю імперыі-захопніка. Дзень, калі наш народ заявіў пра незалежнасць і права самастойна вызначаць свой лёс. І гэта непазбежна адбудзецца зноў», — сказала палітык.

Яна нагадала, што перамены не адбываюцца самі па сабе, а патрабуюць часу, намаганняў і стойкасці, аднак імкненне да свабоды непазбежнае.

«Падумайце: ужо 30 гадоў рэжым робіць усё, каб знішчыць нашую волю. Нас спрабуюць запалохаць, арыштаваць, раз’яднаць — з разлікам, што мы здадзімся. Але чалавеку нельга забараніць імкнуцца да свабоды. Кожны палітвязень — гэта цэлая сям’я, якая ніколі не даруе рэжыму яго злачынстваў. Кожная спроба заглушыць нас прыводзіць да з’яўлення новых і новых абаронцаў свабоды і незалежнасці».

Ціханоўская назвала Дзень Волі сімвалам нязломнасці беларусаў, заклікала падтрымліваць адно аднаго і шанаваць сваю гісторыю.

«Як бы нас ні затыкалі, як бы ні запалохвалі, як бы ні спрабавалі зламаць, мы ўпэўнена і горда кажам: Жыве Беларусь!» — завяршыла яна.

Намеснік кіраўніка АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка таксама звярнуўся да беларусаў з нагоды Дня Волі.

«Хацеў бы звярнуцца да беларусаў і беларусак у Беларусі. Накрыйце белым абрусам ваш стол, пакладзіце беларускі ручнік, купіце кветкі. Альбо проста пакладзіце руку на сэрца і скажыце: „Жыве Беларусь!“ Можа, нават не голасна, але пра сябе — скажыце. Бо яна жыве! Жыве ў маім сэрцы, і я ўпэўнены, што яна жыве ў сэрцах кожнага з вас. Каго любіш? Люблю Беларусь. І то ўзаемна. Дзень Волі — гэта не толькі нагода ўспомніць пра мінулае, але і магчымасць задумацца аб тым, што мы ўсе можам зрабіць для будучыні Беларусі. Гэта нагадванне пра тое, што наша спадчына, нашыя каштоўнасці і наша свабода ў руках кожнага з нас. І хоць шлях не лёгкі, але мы працягнем змагацца. І мы абавязкова пераможам», — адзначыў Латушка.

Віншаванне З Днём Волі з’явілася і ў Facebook прадстаўніцтва ЕС у Беларусі:

«Сёння беларусы адзначаюць Дзень Волі ў памяць пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў 1918 годзе. ЕС салідарны з народам Беларусі і будзе надалей падтрымліваць усіх, хто нястомна працуе для справядлівасці, свабоды і дэмакратыі ў сваёй краіне. У Беларусі несправядліва ўтрымліваюцца за кратамі больш як 1200 палітычных вязняў. Усе яны павінны быць вызваленыя, і вінаватыя павінны панесці адказнасць».

Дзень Волі — адно з найважнейшых святаў у гісторыі сучаснай Беларусі: У ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

У Беларусі на гэтую ж дату прызначылі інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Чытайце таксама