У Брэсце памёр начальнік Ленінскага райаддзела міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Белсат» са спасылкай на крыніцы.
Што стала прычынай смерці высокапастаўленага сілавіка, не паведамляецца. Яму было 47 гадоў. На сайце Ленінскага РАУС Брэста начальнікам па-ранейшаму пазначаны Дзмітрый Каравякоўскі.
Ускосна смерць палкоўніка міліцыі пацвердзіў набліжаны да МУС тэлеграм-канал. 15 красавіка ў 15.08 там з’явілася фатаграфія Каравякоўскага ў чорнай рамцы з пагрозай затрымліваць усіх, «хто наважыцца здзекавацца са смерці чалавека».
Паводле звестак «Белсата», Дзмітрыя Каравякоўскага пахавалі 15 красавіка. Развітанне з ім прайшло ў Палацы культуры прафсаюзаў.
Начальнікам РАУС Ленінскага раёна Брэста Каравякоўскага прызначылі ў жніўні 2021 года. Да гэтага ён працаваў начальнікам міліцыі ў Пінску і асабіста кіраваў разгонамі падчас пратэстаў у горадзе. Запомніўся ён таксама каментаром дзяржтэлеканалу «Беларусь 1» пра тое, што гумавая дубінка «не наносіць сур’ёзных траўмаў».
— Яна (дубінка. — Заўв. рэд.) даволі эластычная, мяккая і падчас ужывання яе па целе не наносіць сур’ёзных траўмаў. Гэта сінякі, удары, але не больш за тое, — сказаў Каравякоўскі.
Дзмітрый Каравякоўскі нарадзіўся ў Пінску. У 1994 годзе ён паступіў у Акадэмію ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. З 1997-га працаваў супрацоўнікам крымінальнага вышуку ў Маскоўскім РАУС Брэста. Праз два гады перайшоў ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Брэсцкага аблвыканкама. Пасля заканчэння ў 2017-м магістратуры Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ён быў прызначаны першым намеснікам начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. З красавіка 2019-га — на пасадзе начальніка аддзела ўнутраных справаў Пінскага гарвыканкама. Вядома, што бацька і брат Каравякоўскага таксама працавалі ў міліцыі.