Уласнік гомельскай кампаніі, якая займалася вытворчасцю прагулачных і спартыўных катараў, а таксама кампазітных басейнаў і саўнаў, затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
«Па фіктыўных дакументах катары і іншыя вырабы спачатку рэалізоўваліся ў адрас падкантрольнай уладальніку бізнесу фірмы-пракладкі, зарэгістраванай у Бранскай вобласці. Пры гэтым кошт катараў, басейнаў і саўнаў быў мінімальны (трохі вышэйшы за сабекошт). У наступным вырабленыя тавары прадаваліся ў адрас пакупнікоў з Расіі ўжо па рынкавай цане», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
КДК заяўляе, што насамрэч тавары адразу ж адпраўляліся канчатковым пакупнікам, а «фірма-пракладка была патрэбная для ўтойвання прыбытку і незаконнай мінімізацыі падаткаў». Ведамства выявіла факты нявыплаты бізнесоўцам падатку на прыбытак у памеры не менш чым 105 тысяч рублёў.
«Пры гэтым цяпер адкрываюцца новыя абставіны здзейсненага злачынства, якія свечаць пра прыкметы нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На гэта паказваюць і сумы сродкаў, знойдзеныя ў падазраванага, — падчас ператрусу ў ягоным катэджы канфіскавана больш за 1,05 млн даляраў ЗША, схаваных у сейфе», — заявілі ва ўстанове.
Распачатая крымінальная справа. Уладальнік кампаніі затрыманы. Накладзены арышт на тры аўтамабілі, якія належаць яму, агульным коштам 350 тысяч рублёў.