«Іх спосаб супрацьстаяць сістэме». Даведаліся ў BELPOL, як ім удаецца атрымліваць сакрэтную інфармацыю з дзяржорганаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У сераду, 22 студзеня, аб’яднанне BELPOL заявіла, што атрымала звесткі пра больш чым дзесяць тысяч чальцоў выбарчых камісій і назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах. Былыя сілавікі перыядычна публікуюць інфармацыю з дзяржаўных органаў Беларусі, якая часцяком наўмысна хаваецца ад грамадства. Даведаліся ў прадстаўніка аб’яднання экс-сілавікоў Уладзіміра Жыгара, як ім гэта ўдаецца і якія настроі цяпер пануюць сярод дзяржслужбоўцаў і сілавікоў.

Владимир Жигарь, представитель BELPOL. Фото: dissidentby.com
Уладзімір Жыгар, прадстаўнік BELPOL. Фота: dissidentby.com

Змест сакрэтнай дамовы паміж Беларуссю і Расіяй, схемы зарабляння беларускіх прадпрыемстваў на вытворчасці дэталяў для расійскіх снарадаў — гэта толькі некаторыя прыклады публікацыі закрытай інфармацыі з дзяржорганаў, зробленыя BELPOL апошнім часам. Паводле Уладзіміра Жыгара, гэтыя і іншыя звесткі былі атрыманыя ад людзей у дзяржаўных органах Беларусі. Але раскрываць падрабязнасці пра іх суразмоўца не можа.

— У нас ёсць шмат крыніц у розных структурах, — прызнаецца Жыгар. — Іх узровень розны, усё залежыць ад сферы. У цэлым гэта можна прасачыць па матэрыялах, якія мы публікуем.

Ён таксама сцвярджае, што спіс крыніц, якія дзеляцца з аб’яднаннем былых сілавікоў важнай і закрытай інфармацыяй, пастаянна пашыраецца. Гэтаму дапамагаюць раней апублікаваныя расследаванні.

— Пасля рэзанансных матэрыялаў у нас з’яўляліся новыя крыніцы, — тлумачыць Уладзімір Жыгар. — Дзякуючы такім людзям мы расказалі не толькі пра карупцыю, але і пра абыход санкцыйных абмежаванняў і пастаўкі БЕЛАЗ у Польшчу. Так мы лепш разумеем, як працуе беларуская эканоміка і якія меры выкарыстоўвае рэжым для абыходу санкцый, як эканоміка мілітарызуецца. Людзі з сістэмы бачаць, што мы публікуем або перадаём незалежным СМІ, і выходзяць на кантакт. Гэта іх спосаб супрацьстаяць сістэме.

Акрамя закрытай інфармацыі дзяржаўных органаў крыніцы BELPOL дзеляцца і настроямі, што пануюць у шэрагах чыноўнікаў, дзяржслужбоўцаў і сілавікоў.

— У цэлым абстаноўка там прасякнутая татальным страхам. Пры гэтым нават тыя чыноўнікі і сілавікі, якія падтрымліваюць рэжым, не хочуць, каб Беларусь стала часткай Расіі, — заключае экс-сілавік.

Чытайце таксама