У Мінску ўлады аштрафавалі за гандаль кветкамі ля метро жанчыну, якой на момант «правапарушэння» не было ў Беларусі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Сталічныя ўлады пакаралі жанчыну штрафам за несанкцыянаваны гандаль, аднак высветлілася, што яна больш за год жыла за межамі Беларусі і не магла ўчыніць правапарушэнне, паведамілі ў прэс-службе пракуратуры.

Фото: TUT.BY
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

У пракуратуру звярнулася жанчына, якая заявіла, што яе незаконна аштрафавалі на пяць базавых велічынь (200 рублёў) за тое, што яна нібыта 8 сакавіка гандлявала галінкамі мімозы на тэрыторыі падземнага пераходу на станцыі метро «Партызанская».

У пракуратуры правялі праверку і выявілі, што падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу заяўніцу не апыталі, а камер відэаназірання на месцы «здзяйснення правапарушэння» не вывучылі. Больш за тое, высветлілася, што жанчына з 23 траўня 2023 года да 3 верасня 2024 года наогул знаходзілася за межамі Беларусі.

Пракурор прынёс пратэст у суд на пастанову адміністрацыйнай камісіі пры адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы. Суд рашэнне камісіі адмяніў і скіраваў справу на новы разгляд. Падчас новага разбіральніцтва справу пра адміністрацыйнае правапарушэнне ў дачыненні да заяўніцы спынілі.