Чэргі аўтобусаў на беларуска-польскай мяжы захоўваюцца. Штодня выезду ў Польшчу чакаюць дзясяткі аўтобусаў. Паводле відавочцаў, час чакання на мяжы часта перавышае суткі, а перавозчыкі пераносяць або адмяняюць многія рэйсы: транспарт проста не паспявае вярнуцца з папярэдняга маршруту. Таму турысты раяць не купляць білеты на рэйсы з беларускіх гарадоў у Польшчу, а перасякаць мяжу па іншай схеме, піша MOST.

Адразу некалькі карыстальнікаў памежных чатаў напісалі, што жыхарам Мінска, Гродна і іншых гарадоў цяпер выгадней купіць білет на цягнік да Брэста, а там узяць таксі да мяжы і пешшу ісці шукаць месцы ў аўтобусах, што стаяць наперадзе. Як правіла, яны ёсць, і кіроўцы за плату каля 100 рублёў згаджаюцца браць пасажыра на борт.
— Не будзе месцаў у першых [аўтобусах] - будзе крыху далей, але сродкі зэканоміце, — напісаў адзін з удзельнікаў чата «ГраницаBY».
Звычайна такім чынам можна даехаць да Варшавы, а адтуль пры неабходнасці дабірацца да патрэбнага польскага горада. Можна даехаць і да Тэрэспаля, то-бок выйсці проста за мяжой. У аднаго з карыстальнікаў чата за гэта папрасілі 35 рублёў. Да Варшавы ад мяжы яму прапаноўвалі даехаць за 120 рублёў, да Гданьска — за 150.
Калі ж купіць білет на міжнародны аўтобус, то на мяжы трэба будзе вырашыць: стаяць 25 гадзін альбо шукаць месцы на рэйсах наперадзе чаргі. Пры другім варыянце кіроўцы не вяртаюць грошы за білет, таму фактычна турыстам даводзіцца плаціць двойчы. Паводле падлікаў удзельнікаў чата, білет на цягнік, таксі і аплата кіроўцу на мяжы абыходзяцца танней.
Акрамя таго, можна загадзя пацікавіцца ў перавозчыка, ці перасаджвае ён пасажыраў бясплатна ў свой жа аўтобус, які стаіць ля мяжы. Некаторыя кампаніі запускалі такія схемы, каб скараціць час у дарозе для сваіх кліентаў.