Дар’я Шманай цяпер будзе шчыраваць на дыпламатычным фронце. Гэта вынікае з пастановы Саўміна, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У дакуменце, падпісаным кіраўніком урада Раманам Галоўчанкам, гаворыцца, што Дар’я Міхайлаўна Шманай прызначаная дарадцам-пасланнікам амбасады Рэспублікі Беларусь у Расіі.
Пераможца конкурсу «Каралева Вясна — 2013» Дар’я Шманай часта з’яўлялася побач з Лукашэнкам на афіцыйных мерапрыемствах, была супрацоўніцай, а з часам узначаліла службу дзелавога пратаколу.
У інтэрв'ю Ксеніі Сабчак у 2014 годзе Лукашэнка заявіў: «Што тычыцца Дашкі, пра якую гаворка ішла, дык я яе два гады ведаю. Вельмі прыстойная дзяўчына. Калі б у мяне была такая дзяўчына… Гэта вышэй за дах!»
На прэзідэнцкіх выбарах 2020-га Шманай была чальцом выбаркама на ўчастку для галасавання ў Маскве.
У жніўні 2021 года Дар’я Шманай трапіла ў санкцыйны спіс ЗША.