«Атрымалі канструктыўную рэакцыю». Офіс Ціханоўскай абмеркаваў з літоўскімі ўладамі забарону на правоз прадуктаў праз мяжу
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Офіс лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай «вельмі спадзяецца», што санкцыі на ўвоз аграпрамысловай прадукцыі фізічнымі асобамі з Беларусі ў Літву будуць «змякчаныя або ўдакладненыя», паведаміў «Позірку» галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

«Мы сёння (3 чэрвеня. — Заўв. „Позірк“) размаўлялі з прадстаўнікамі ўладаў Літвы і звярнулі ўвагу на сітуацыю на мяжы, атрымалі канструктыўную рэакцыю», — сказаў ён.

Новыя абмежаванні ў дачыненні да фізічных асоб на літоўскай мяжы пракаментаваў і дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч. Ён нагадаў, што ў 2023 годзе імпарт Літвы з Беларусі і Расіі дасягнуў гістарычнага мінімуму: у прыватнасці, Вільнюс імпартаваў з Беларусі тавараў на суму 302 млн даляраў, што складае ўсяго 0,6% імпарту краіны.

«Падсанкцыйныя тавары складаюць траціну названага імпарту. У сувязі з тым, што гэты імпарт мізэрны ў маштабах усёй Літвы, наўрад ці такія крокі прынясуць якую-небудзь палёгку літоўскім кампаніям. Менавіта таму абмежаванні маюць палітычны, а не эканамічны характар. Гэта працяг паслядоўнай палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі і Пуціна», — адзначыў дарадца.

Аднак, на ягоную думку, забарона на правоз прадуктаў праз мяжу шкодзіць простым беларусам больш, чым рэжыму Лукашэнкі.

«Абмежаванні ў дачыненні да фізічных асоб — памылка, і мы будзем звяртацца да літоўскага боку з прапановай перагледзець працу мытнай службы», — дадаў Аляхновіч.

Нагадаем, з 3 чэрвеня ўрад Літвы ўвёў новы пералік тавараў, якія забароненыя для імпарту з Беларусі і Расіі. У спіс трапілі жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты — усяго больш за 2800 пазіцый.

Праз гэтыя санкцыі на мяжы з Літвой напярэдадні ўзнік перапалох — людзі паведамлялі, што ў літоўскіх пунктах пропуску ім прапануюць выкідваць прадукты, напоі (у тым ліку звычайную ваду), цыгарэты і іншыя тавары, нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе.

Чытайце таксама