«Не ўвязвацца ў геапалітыку». У Сейме Польшчы больш не будзе двухбаковай парламенцкай групы па кантактах з Мінскам
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Сейме Польшчы новага склікання больш не будзе польска-беларускай парламенцкай групы, якая вырашала агульныя для дзвюх краін пытанні сумесна з афіцыйным Мінскам. Прычына — «пагрозы Польшчы» з боку Беларусі, піша Rzeczpospolita.

Сейм Польшчы. Фота: twitter.com/KancelariaSejmu

У польскім Сейме X склікання ўпершыню за восем гадоў не плануецца стварэння польска-беларускай парламенцкай групы, паведаміла старшыня праўлення польскай групы Міжпарламенцкага саюза Габрыэля Мараўска-Станецка. Гэта патлумачылі «пагрозамі Польшчы» з боку Беларусі.

Польска-беларуская парламенцкая група ўпершыню пасля 11-гадовага перапынку была заснаваная ў 2016 годзе з ініцыятывы Польскай сялянскай партыі (PSL), а таксама правага палітычнага руху Kukiz'15.

Пасля 2019 года, калі «можна было гаварыць пра моду на супрацоўніцтва з Нацыянальным сходам Беларусі», у яе склад уваходзіў 41 палітык (да канца тэрміну гэтая колькасць скарацілася да 39), паведамляе выданне. Такім чынам, па колькасці ўдзельнікаў польска-беларуская група пераўзыходзіла польска-італьянскую, польска-французскую і польска-брытанскую.

— У мінулым Сейме група павольна расла, але пасля агрэсіі супраць Украіны яе дзейнасць была прыпыненая нашым рашэннем, — паведаміў былы віцэ-старшыня польска-беларускай парламенцкай групы Эўгеніюш Чыквін.

Чыквін назваў Беларусь «супярэчлівай краінай», аднак адзначыў, што многія гады двухбаковыя групы ствараліся і з іншымі аўтарытарнымі краінамі — напрыклад, Саудаўскай Аравіяй.

— У мінулым польска-беларуская група займалася сумеснай дзейнасцю па ахове Белавежскай пушчы і пытаннямі перасячэння мяжы. Гэта яшчэ можна зрабіць, не ўвязваючыся ў геапалітыку, — дадаў Чыквін.

Польска-беларуская група — не адзіная, якая не будзе створаная цягам цяперашняга тэрміну паўнамоцтваў Сейма. Тое самае будзе і з польска-іранскай і польска-расійскай групамі — апошняя не фармавалася з 2015 года.