У канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь пачалі перакідваць нестратэгічную ядзерную зброю Расіі. Раней гучалі палярныя меркаванні што да таго, пад чыім менавіта кантролем будуць гэтыя ўзбраенні пасля дастаўкі ў нашую краіну. Сам Лукашэнка, нагадаем, сцвярджаў, што кіраваць зброяй будзе Беларусь. «Кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», — казаў ён у сакавіку, калі пра рашэнне ўпершыню абвясцілі афіцыйна. У сваю чаргу ўлады РФ сцвярджаюць наўпрост супрацьлеглае. Мы спыталі ў эксперта, ці могуць беларускія ўлады нейкім чынам скарыстацца размешчанай у краіне зброяй у абыход Масквы.

Што здарылася
25 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь пачалі перамяшчаць нестратэгічную ядзерную зброю. Міністры абароны Беларусі і Расіі ў гэты ж дзень падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак трымання гэтай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка запэўніў, што ў нашай краіне яна будзе ў бяспецы.
Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская заявіла: «Мы павінныя зрабіць усё, каб сарваць план Пуціна па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі». Прадстаўнік замежнапалітычнай службы Еўрасаюза Петэр Стана адзначыў, што беларуска-расійскае пагадненне «не спрыяе дээскалацыі». А ўрад ФРГ палічыў адпраўку зброі масавага паражэння ў Беларусь памылковым крокам і спробай запалохаць. У Крамлі сітуацыю каментаваць не сталі.
Пры гэтым у дзень падпісання дамовы міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што, размяшчаючы ядзерную зброю ў Беларусі, не перадае яе рэспубліцы, кантроль над ёю і рашэнне пра выкарыстанне застаюцца за Масквой. Пра гэта ж раней казаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, гэта пацвердзіла і беларускае МЗС.
Аднак сам Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка, адказваючы на пытанні пасля штогадовага паслання народу і парламенту, заявіў, што кантроль над ядзернымі ўзбраеннямі будзе ў Беларусі. «Усё будзе па законе і па правілах. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», — сказаў палітык.
Эксперт: Уся зброя застанецца пад кантролем Расіі. А можа, наогул не апынецца ў Беларусі
Адказаць на пытанне, пад чыім жа кантролем будзе ядзерная зброя пасля адпраўкі ў Беларусь, пагадзіўся навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблем раззбраення Павел Подвіг. Эксперт упэўнены, што кантроль будзе ў расіян і толькі ў іх:
— Расійская практыка такая, што ўсе боезарады пастаянна знаходзяцца пад кантролем частак 12-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства абароны (ГУМА) РФ. Адзінае выключэнне — боегалоўкі, усталяваныя на міжкантынентальных балістычных ракетах (МБР) або на балістычных ракетах на падводных лодках (БРПЛ), [але ні той, ні іншы тып узбраенняў у Беларусі размяшчацца не будзе]. Гэта азначае, што нават калі боезарады будуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, то іх ахова, абарона, правядзенне рэгламенту — усё гэта будзе ажыццяўляцца часткамі Узброеных сіл Расіі. Іншых варыянтаў няма.
Тэхнічна гэта выглядае так. Перш чым боезарад можа быць выкарыстаны, яго трэба ўсталяваць на сродак дастаўкі (самалёт-бамбардзіроўшчык, ракету на пускавой устаноўцы і г. д. — Заўв. рэд.). Для гэтага яго трэба дастаць са сховішча, пагрузіць на спецыяльны транспарт, даставіць да сродку дастаўкі, а потым падвесіць бомбу ці ўсталяваць баявую частку на ракеце. Усе гэтыя аперацыі выконваюцца выключна сіламі частак 12-га ГУМА. Дзесьці ў гэтым працэсе, наколькі можна меркаваць, адбываецца разблакаванне абароны ад несанкцыянаванага выкарыстанне (умоўна кажучы, увядзенне пэўных «кодаў разблакавання». — Заўв. рэд.), але асноўная абарона заключаецца менавіта ў тым, што спецыялісты 12-га ГУМА захоўваюць кантроль над боезарадам практычна да самага апошняга моманту. Мяркуючы з усяго, зарад перадаецца ў вядзенне пілотаў бамбардзіроўшчыка літаральна ў той момант, калі самалёт гатовы выруліць на ўзлётную паласу, каб выконваць заданне.
Акрамя гэтага, ёсць і іншыя меры бяспекі. Напрыклад, боезарад балістычнай ракеты не павінен спрацаваць, калі сістэма не зарэгіструе, што ён «прайшоў» фазы палёту па траекторыі. То-юок на старце такі зарад выбухнуць не мусіць.
— Якія ядзерныя боепрыпасы, па-вашаму, з найбольшай імавернасцю апынуцца на тэрыторыі Беларусі (бомбы, ракеты да «Іскандэраў» або ядзерныя снарады)? Ці існуе ўжо канчатковае меркаванне, дзе яны будуць захоўвацца?
— Пакуль паведамлялася толькі пра падрыхтоўку беларускіх пілотаў да магчымай дастаўкі бомбаў для Су-25 (штурмавікі беларускай авіяцыі, якія базуюцца пад Лідай. — Заўв. рэд.). Пра «Іскандэры» нейкія звесткі былі, але не зусім зразумела, наколькі ім можна давяраць. З ядзернымі снарадамі (калі маецца на ўвазе артылерыя) сітуацыя такая, што яны ўсе былі знішчаныя яшчэ ў 1990-я. Ёсць усе падставы лічыць, што знішчаныя яны былі канчаткова.
Дзе дакладна іх будуць захоўваць, пакуль незразумела. Слядоў падрыхтоўкі сховішча пакуль ніхто не выявіў. Цалкам магчыма, што нават калі сховішча будзе пабудаванае, яно будзе стаяць пустым. Боезарады будуць заставацца на расійскай тэрыторыі. Думаю, гэта самы імаверны варыянт.
— Чаму?
— Ёсць шмат прычын, пачынаючы ад той, што асноўная (і нават адзіная) мэта такога кроку — палітычная. Важная перш за ўсё магчымасць размяшчэння, навучанне персаналу — як дэманстрацыя таго, што Расія можа сабе дазволіць тую ж практыку, якая існуе ў NATO (гаворка ідзе пра праграму Nuclear Sharing, паводле якой ЗША трымаюць свае ядзерныя боезарады ў некаторых краінах Еўропы. — Заўв. рэд.). Уласна размяшчэнне боезарадаў для гэтага не патрэбнае.
З практычнага пункту гледжання, я думаю, мы можам разлічваць на пэўны кансерватызм 12-га ГУМА — людзі там традыцыйна ставяцца да сваіх абавязкаў адказна і хутчэй за ўсё знойдуць спосаб не перавозіць боезарады ў Беларусь. Хоць бы на той падставе, што стварэнне адэкватнага сховішча — справа няхуткая.
Акрамя гэтага, можна планаваць аперацыі такім чынам, што боезарады будуць дастаўляцца ў сховішча ў Беларусі ўжо толькі непасрэдна перад рашэннем на разгортванне або выкарыстанне. Так, напрыклад, гэта зроблена (ці рабілася многія гады) з Калінінградам. Цалкам, вядома, выключаць магчымасць размяшчэння рэальных боезарадаў у Беларусі нельга, але, на маю думку, імавернасць гэтага вельмі малая.
— Ці зможа Лукашэнка пры жаданні захапіць кантроль над зброяй без ведама Расіі? Напрыклад, атрымаўшы нейкім чынам «коды» для выкарыстання?
— Гэта практычна выключана. Рэч не толькі ў «кодах». Сістэма аховы і абароны — яна шматслойная (пачынаючы ад частак 12-га ГУМА). Цалкам пераадолець яе практычна немагчыма. Да таго ж, як я ўжо казаў, ёсць падставы лічыць, што на тэрыторыю Беларусі боезарады рэальна дастаўленыя не будуць. Гэта, дарэчы, таксама частка сістэмы абароны — не размяшчаць зброю там, дзе яна можа знаходзіцца ў нейкай небяспецы, хай нават і тэарэтычнай.
Чытайце таксама


