Гандаль трасе: падаюць продажы і блытаніна з цэнамі. Якія «плюшкі» прапануюць па вакансіях для гандлю — там вялікі дэфіцыт кадраў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Гандаль трасе: не толькі падаюць рознічныя продажы, але і чыноўнікі падкідваюць рытэйлу галаўнога болю — то забараняюць павышаць цэны, то ўводзяць новыя абмежаванні. У гэтай сітуацыі гандлёвыя прадпрыемствы маюць патрэбу ў кадрах, гэта пацвярджаюць аб’явы ад наймальнікаў пра пошук супрацоўнікаў. Некаторым рытэйлерам патрэбныя некалькі сотняў і нават больш чым тысяча работнікаў. «Зеркало» паглядзела, якія ў сферы гандлю ёсць вакансіі, якія патрабаванні выстаўляюць па іх, якія заробкі абяцаюць.

Фота мае ілюстрацыйны характар

«Еўрагандаль». Амаль 2000 вакансій, зарплаты — ад 500 рублёў

Ад кампаніі «Еўрагандаль» (крамы «Хіт!», «Грошык», «Еўраопт», анлайн-гіпермаркет E-dostavka і іншыя) на сайце дзяржаўнай службы занятасці 21 кастрычніка былі размешчаныя аб’явы пра пошук 1880 супрацоўнікаў. Тут патрэбныя людзі розных прафесій, адукацыі, вопыту для працы на складах, у цэхах па вырабе ўласнай прадукцыі, у крамах.

Напрыклад, патрабуюцца кіроўцы на аўталаўку і пагрузчык. Мінімальны заробак у 500 — 600 рублёў будуць плаціць работніку аўталаўкі ў Браславе Віцебскай вобласці. Больш можна зарабіць на пагрузчыку — 1600 — 3000 рублёў, такі заробак абяцаюць на складзе ў пасёлку Прывольны Мінскага раёна.

Без спецыяльнай адукацыі можна ўладкавацца грузчыкам — такіх работнікаў шукаюць каля 300. Заробкі на адну стаўку — ад 600 да 2000 рублёў (у залежнасці ад рэгіёна), а максімум гатовыя плаціць на складзе ў пасёлку Прывольны Мінскага раёна.

Фото: evroopt.by
Фота: evroopt.by

Кантралёраў-касіраў у «Еўрагандлі» не хапае больш чым 500. Адны з самых нізкіх заробкаў гэтым работнікам прапануюць у аграгарадку Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці — 500−650 рублёў. У Мінску заробак большы — 1000−1500 рублёў.

Прадаўцоў патрабуецца больш чым 280. Заробкі гэтых работнікаў пачынаюцца ад 550 рублёў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, а вось «столь» можа адрознівацца. Напрыклад, у Мінску максімум па зарплаце — 1400 рублёў, Валожыне — 950 рублёў, Пінску — 800 рублёў. Дарэчы, у Пінску выстаўляюць асаблівыя патрабаванні да прэтэндэнтаў на пасаду прадаўца: ім пажадана мець сертыфікат аб заканчэнні курсаў па фларыстыцы, досвед працы ў кветкавых крамах ад двух гадоў, працадаўца хоча ўбачыць партфоліа з працамі патэнцыйнага супрацоўніка.

Больш за 140 вакансій адкрытыя для загадчыкаў аддзелам. Нягледзячы на тое, што на гэтай пасадзе хочуць бачыць людзей з вопытам, а праца прадугледжвае павышаную адказнасць і вядзенне дакументацыі, зарплата ў некаторых выпадках знаходзіцца на адным узроўні з грузчыкам або кіроўцам — 600−800 рублёў у Барысаве, 650−700 рублёў у Магілёве. Бліжэй да сталіцы заробкі вышэйшыя — 950−1500 рублёў у Ждановічах, 1000−1200 рублёў у Лагойску.

Патрабуюцца 13 загадчыкаў гандлёвага аб’екта, патрабаванні да прэтэндэнтаў на гэтую пасаду больш жорсткія. Як правіла, у іх мусіць быць вышэйшая адукацыя (гандлёвая, эканамічная), досвед працы ў рознічным гандлі на кіраўнічай пасадзе (дырэктар, загадчык крамы, намеснік дырэктара крамы), яны павінныя ведаць законы, быць гатовымі да напружанай працы і высокага ўзроўню адказнасці. Максімальную зарплату абяцаюць 1600−2200 рублёў, але гэта ў краме недалёка ад Мінска, у Астрашыцкім Гарадку.

«Санта». Ёсць вакансіі з камандзіроўкамі

Ад сеткі крамаў «Санта» апублікаваныя аб’явы пра больш чым 200 вакансій для гандлёвай сеткі.

Грузчыкам тут абяцаюць плаціць ад 521 да 1024 рублёў, узровень зарплаты залежыць ад рэгіёна — самы нізкі заробак у Светлагорску і Магілёве, самы высокі — у аграгарадку Азярцо Мінскага раёна.

Больш за 40 вакансій ёсць па спецыяльнасці кантралёр-касір. Мінімальны заробак у 561−691 рубель гатовыя плаціць у Светлагорску, пры гэтым на працу могуць прыняць чалавека з сярэдняй адукацыяй — яго навучаць рабочым навыкам. Побач з Мінскам супрацоўніку будуць плаціць больш — 940−1000 рублёў.

Фото: pixabay.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

У большым дэфіцыце ў крамах «Санта» прадаўцы — тут чакаюць 80 такіх работнікаў. Заробкі пачынаюцца ад 485 рублёў — такія грошы атрымае супрацоўнік у Івацэвічах. Ад 692 да 1107 рублёў заплацяць прадаўцу сталічнай крамы, але ў яго мусіць быць шосты разрад, супрацоўнік павінен быць з вопытам.

Патрэбныя загадчыкі аддзела, ім амаль усюды гатовыя плаціць 790 — 1264 рублёў, крыху меншая зарплата ў Оршы — 1115 рублёў. На гэтую пасаду возьмуць людзей з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй.

Рытэйлу патрэбныя майстры для ўласнай вытворчасці і кандытарскага цэху з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Заробак абяцаюць да 1450 рублёў, але працаваць давядзецца па гнуткім графіку, трэба будзе ездзіць у камандзіроўкі.

«Дабраном». Гатовыя браць дырэктараў без «вышкі»

Крамам «Дабраном» трэба больш за 500 супрацоўнікаў. У дэфіцыце грузчыкі — іх не хапае па 72 вакансіях. Заробак на ніжнім узроўні — ад 700 да 850 рублёў — прапануюць супрацоўніку ў Баранавічах, у Мінску заробак можа даходзіць да 1400 рублёў.

Яшчэ больш не хапае тут кантралёраў-касіраў, у тым ліку старшых. Іх гатовыя браць без адукацыі і будуць вучыць. Заробкі іх пачынаюцца ад 800 рублёў, верхняя мяжа — 1200 рублёў: гэта «столь» для сталічных крамаў.

Калі меркаваць па аб’явах, то з прадаўцамі ў «Дабраноме» амаль поўны парадак — ёсць толькі дзевяць аб’яваў пра набор гэтых работнікаў. Менш за ўсё заробіць прадавец у Кобрыне — 700−850 рублёў, максімум у 1050−1200 рублёў атрымаюць у аграгарадку Лясны каля Мінска.

Загадчыкам аддзелаў (такіх вакансій тут 100) гатовыя плаціць ад 900 да 1350 рублёў.

У гэтай сетцы больш за ўсё маюць патрэбу ў дырэктарах крамаў — вольныя 15 месцаў, прычым у большасці месцаў гатовыя прыняць на працу людзей з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй. Заробак кіраўніка ў рэгіёнах ніжэйшы. Да прыкладу, 1540−1780 рублёў заплацяць у Капылі, у Маладзечне — 1700−1900 рублёў. У Мінску шукаюць адразу шэсць дырэктараў на зарплату 1630−2200 рублёў, але хочуць, каб яны былі з вышэйшай адукацыяй, зрэшты, калі такія не знойдуцца, то патрабаванні да спашукальнікаў гатовыя перагледзець.

«5 элемент». Заробкі невядомыя, але ёсць лічбы па шлюбах сярод супрацоўнікаў

Кампанія «5 элемент» мае патрэбу амаль у 80 супрацоўніках, больш за ўсё — больш за 30 — іх не хапае ў Мінску. Гэта адміністратар гандлёвай залы, прадаўцы, укладчыкі-ўпакоўшчыкі, спецыялісты па ўліку тавару, яго выдачы і іншыя.

На жаль, у вакансіях не агучаная зарплата, адзначаныя толькі патрабаванні да патэнцыйнага супрацоўніка, задачы, якія ён будзе выконваць. Пра заробак прадаўца сказана, што яго праца будзе аплачвацца па прагрэсіўнай шкале, у зарплату ўваходзяць аклад, прэмія і дадатковая прэмія за асабістую эфектыўнасць. Пры гэтым неабавязкова мець профільную адукацыю або досвед працы.

З «плюсаў» абяцаюць сацпакет, навучанне і трэнінгі. Адзначаецца, што ў кампаніі дружны, малады і вясёлы калектыў. Як бонус паведамляюць, што ў калектыве лёгка знайсці другую палову — па статыстыцы, паміж супрацоўнікамі «5 элемента» за год заключаецца да 20 шлюбаў.