Брастаўчанін наведаў у сваім горадзе тры сталоўкі, якія належаць прадпрыемствам, і запісаў там ролікі для TikTok. У кожнай установе ён паказваў інтэр'ер і стравы, якія купляў на абед, агучваў іх кошт. У каментарах пад відэа знайшліся людзі, якія хвалілі ежу ў сталоўках, але былі і тыя, хто лічыў, што такія абеды нясытныя і дарагія.

29 жніўня мужчына пабываў у сталоўцы Брэсцкага аддзялення БЧ, яна знаходзіцца ў абласным цэнтры на вуліцы Герояў Абароны Брэсцкай крэпасці. Вось што ён узяў на абед: на першае быў суп «Любительский» з куранятамі, на другое — вараны рыс, курыная катлета, салата (мяркуючы з колеру — з буракоў) і кампот. За гэтыя стравы наведнік заплаціў 6 рублёў 54 капейкі.
Некаторыя гледачы пад ролікам напісалі ў каментарах, што гэтая сталоўка з «не самай смачнай ежай». Асобныя каментатары адзначылі, што да таго ж ад такой катлеты будзе пякотка. Зрэшты, было і іншае меркаванне.
«Афігенная сталоўка, самая танная ў Брэсце. Як бываю ў горадзе, то заўсёды туды езджу», — напісаў адзін карыстальнік.
Таксама 23 жніўня мужчына абедаў у сталоўцы Брэстводаканала. Наведнік купіў халаднік, пярловую кашу з катлетай, салату з агуркоў і памідораў, кампот. Абед абышоўся яму ў 4 рублі 84 капейкі.
Watch on TikTok
Пад гэтым відэа меркаванні гледачоў таксама разышліся. Вось некаторыя каментары:
- «Задарма б не дакранулася».
- «Заробак тысяча рублёў, мінус абед, у выніку застанецца 700 рублёў. У Беларусі рабочы працуе толькі на ежу».
- «Вельмі нават нічога. Смачна, сытна, танна. З задавальненнем бы паабедала, сумую па заводскіх сталоўках таго часу, хачу як-небудзь схадзіць і паабедаць».
- «Цана добрая, але абед нясытны».
22 жніўня наведнік зайшоў у сталоўку Брэстгазаапарата, размешчаную на вуліцы Арджанікідзэ. Вось што было ў яго на абед: грыбны суп з сырком, пярлоўка з паджаркай, салата з морквы і кампот. За ежу ён заплаціў 8 рублёў 28 капеек.
Watch on TikTok
Пад гэтым ролікам карыстальнікі паведамлялі, што гэта «крутая сталоўка», там заўсёды добра гатавалі. Аднак частка гледачоў паведамляла, што ёсць установы грамадскага харчавання, дзе абед абыдзецца нашмат танней.
Чытайце таксама