Дэпутаты прынялі падатковае новаўвядзенне. Расказваем, у чым яно заключаецца і каго датычыць
апублікавана: 2 красавiка 2025 в 11.26
абноўлена: 2 красавiка 2025 в 11.33
Іван Зверабой / «Зеркало»
Дэпутаты парламента 2 красавіка ў двух чытаннях зацвердзілі падатковыя новаўвядзенні, якія датычаць індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў.
Нагадаем, у Беларусі для індывідуальных прадпрымальнікаў хочуць увесці змяненне. Яго сутнасць - вызначыць трохгадовы перыяд, цягам якога ІП не змогуць працаваць, калі іх гадавая выручка перавысіць 500 тысяч рублёў. Цяпер гэта бестэрміновае абмежаванне: пераадолеў гэтую планку - не маеш права працаваць як іпэшнік, варыянты - закрыцца або перайсці ў юрыдычную асобу.
2 красавіка дэпутаты парламента ў двух чытаннях зацвердзілі гэтае падатковае новаўвядзенне.
«Паводле інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах, у 1664 індывідуальных прадпрымальнікаў па рэспубліцы такі сукупны гадавы даход перавышаны, - паведаміла дэпутатка Наталля Куляшова. - Згодна з дзейным заканадаўствам, яны мусілі ўзбуйніць свой бізнес - перарэгістравацца ў юрыдычную. Альбо спыніць сваё існаванне. Большасць з іх перарэгістравалася ў юрыдычныя асобы, але для 660 індывідуальных прадпрымальнікаў яшчэ існуе няпэўнасць».
Далей дакумент пойдзе на разгляд у Савет Рэспублікі, а потым (калі яго зацвердзяць) - на стол Аляксандру Лукашэнку.
Нагадаем, тым часам у Беларусі працягвае скарачацца колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў.
Раней улады з 1 кастрычніка мінулага года перасталі рэгістраваць ІП па асобных відах дзейнасці. Пры гэтым некаторым з дзейных прадпрымальнікаў трэба да канца 2025-га альбо перайсці ў юрыдычную асобу, альбо закрыцца.
Чытайце таксама