• Zerkalo.io – новости Беларуси и мира

На рынку працы — «пажар», а ўлады падліваюць «бензіну». Калі ў вас ёсць праца і вы думаеце, што вас праблема не датычыць, то гэта не так

12 чэрвеня 2024 у 1718206680
«Зеркало»

У Беларусі працягвае абвастрацца сітуацыя з дэфіцытам кадраў. Гэтай праблемай заклапочаныя і наймальнікі, і чыноўнікі - эканоміцы тут і цяпер патрэбныя працоўныя рэсурсы. Апошнім часам гучалі некаторыя прапановы, як хаця б часткова скараціць недахоп кадраў, - ад ідэі вяртаць людзей, якія з'ехалі, да прыцягнення патрыятычных пенсіянераў. Аднак рэальных эфектыўных дзеянняў з боку ўладаў пакуль няма. Пра тое, чым пагражае недахоп кадраў, «Люстэрку» расказала эканамістка, аўтарка YouTube-канала «PRO деньги» Аліса Рыжычэнка. Спойлер: абвастрэнне сітуацыі на рынку працы пагражае ў тым ліку павышэннем падаткаў, што закране фактычна ўсіх жыхароў краіны.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Фотограф: Yan Krukau, Pexels.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Yan Krukau, Pexels.com

Пытанні з пенсіямі і чым гэта можа гукнуцца (ад павышэння падаткаў да павелічэння штрафаў)

Разам з недахопам работнікаў у Беларусі адбываецца скарачэнне долі працаздольнага насельніцтва і адначасовы рост людзей старэйшага ўзросту, таму становіцца актуальнейшым пытанне з забяспечаннем пенсійнай сістэмы, адзначае эканамістка Аліса Рыжычэнка.

- Калі мы гаворым пра перспектыву двух-пяці гадоў, то гэта прывядзе да ціску на пенсійны фонд, бо ў Беларусі ён працуе як фінансавая піраміда. Гэта значыць, што пенсійныя адлічэнні робяцца за кошт сродкаў, якія цяпер выплачваюць людзі, занятыя ў эканоміцы (такая сістэма называецца салідарнай або размеркавальнай. - Заўв. рэд.), - тлумачыць аналітык. - Натуральна, чым менш становіцца занятых, тым менш папаўняецца пенсійны фонд. Ад дзяржавы з кожным годам будзе патрабавацца ўсё больш падтрымкі ў выглядзе субсідый з дзяржбюджэту.

Пожилая женщина. Фото: Pixabay.com
Фонд сацыяльнай абароны пахваліўся, што «купаецца» ў грашах, але змаўчаў, у чым сакрэт (насельніцтву гэта наўрад ці спадабаецца)

Пры гэтым бюджэт у Беларусі ў апошнія гады (за выключэннем 2023-га) выконваецца з дэфіцытам, то-бок яго выдаткі перавышаюць даходы. У такой сітуацыі любое павелічэнне выдаткаў прыводзіць да неабходнасці дзесьці знайсці гэтыя грошы. Часцей за ўсё, адзначае экспертка, гэта прыводзіць да павышэння падаткаў, тарыфаў і штрафаў.

Пашырэнне вытворчасці - пад пытаннем (некаторыя фірмы «падояць» дзяржбюджэт - а гэта зноў магчымае павышэнне падаткаў)

Яшчэ летась чыноўнікі давалі справаздачу, што загрузка магутнасцяў у прамысловасці знаходзіцца на дзесяцігадовым максімуме. У планах ва ўладаў - яшчэ больш пашырыць вытворчасць, але гэта будзе складана рэалізаваць ва ўмовах недахопу працоўнай сілы, адзначае экспертка.

- Нават калі ў Беларусі будзе магчымасць увозіць тэхналогіі для вытворчых магутнасцяў (з чым ужо цяпер ёсць праблема), то пашыраць вытворчасць складана, калі ў цябе няма кадраў. Тым больш калі мы гаворым пра рэгіёны.

Гэтая ж праблема вядзе да росту выдаткаў вытворчасці і зніжэння канкурэнтаздольнасці, працягвае Аліса Рыжычэнка:

- За год сярэдні заробак павялічыўся прыкладна на 20%. Калі зрабіць папраўку на інфляцыю, то гэта плюс 13%. Пры гэтым у будаўніцтве ён павялічыўся на 24%, у машынабудаванні - на 22,5%, - кажа эканамістка. - Прычым рост заробкаў у 2,5 разу перавышае павелічэнне прадукцыйнасці працы. Пра што гэта сведчыць? Каб прыцягваць супрацоўнікаў, прадпрыемствам трэба прапаноўваць усё вышэйшыя зарплаты і лепшыя ўмовы працы. Але пры гэтым у іх часцяком няма дзе браць сродкі для павышэння заробкаў.

У выніку аплата працы займае ўсё большую долю ў выдатках кампаній. Такім чынам, у арганізацый вымываюцца абаротныя сродкі, якія маглі б ісці на развіццё і пашырэнне вытворчасці.

- Гэта прыводзіць да таго, што прадпрыемствы вымушаныя прыцягваць крэдыты альбо субсідыявацца з боку дзяржавы, - тлумачыць экспертка. - У выніку атрымліваецца замкнёнае кола (як з пенсійным фондам): паколькі ў нас больш за 70% прамысловай вытворчасці прадстаўленыя дзяржпрадпрыемствамі, ім аказваюць падтрымку ў выглядзе дзяржаўных гарантый па крэдытах альбо субсідый з бюджэту. Мы зноў вяртаемся да пытання, што бюджэт плануецца дэфіцытным - значыць, каб знайсці гэтыя сродкі, іх трэба будзе забіраць у насельніцтва (зноў вяртаемся да павелічэння падаткаў і тарыфаў).

Паводле ацэнкі аналітыка, перспектывы беларускіх прадпрыемстваў у цяперашніх умовах звязаныя з узмацненнем закрэдытаванасці, пратэрмінаванай пазычанасці, што прывядзе да росту стратных прадпрыемстваў.

Рызыка пагаршэння сітуацыі ў сацыяльнай сферы

Недахоп кадраў адчуваецца не толькі ў прамысловасці, але і ў многіх іншых галінах. У тым ліку ў медыцыне. Да прыкладу, калі 25 траўня не хапала 4884 дактароў-спецыялістаў, то на 12 чэрвеня ў агульнарэспубліканскім банку вакансій для іх размясцілі 4998 прапановаў ад наймальнікаў.

- Значная частка дактароў працуе больш чым на 1,5 стаўкі. Гэта сведчыць пра тое, што ў нас фактычна не хапае яшчэ больш такіх спецыялістаў, - адзначае Аліса Рыжычэнка. - І дэфіцыт кадраў будзе павялічвацца. Гэта звязана з тым, што сацыяльная сфера датуецца дзяржавай, павышаць заробкі там няма магчымасцяў, фізічна працаваць на знос дактары не могуць, асабліва вузкія спецыялісты, бо гэта павялічвае рызыку памылак - а яны працуюць з жыццямі людзей.

Праз абвастрэнне сітуацыі на рынку працы ў сацыяльна важных напрамках, у прыватнасці ў медыцыне, пацярпяць перш за ўсё рэгіёны, перакананая экспертка. Некаторыя з іх, на яе думку, сутыкнуцца з тым, што аказваць асобныя медпаслугі проста не будзе каму. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да росту сацыяльнай незадаволенасці з боку насельніцтва.

«Бл**ь, вы што, ненармальныя?"Прапагандыст абвінаваціў пацыентаў у недахопе дактароў, а вось якія прычыны называюць яны самі

Як урад, з аднаго боку, спрабуе вырашыць праблему, а з іншага - пагаршае яе

Аліса Рыжычэнка акцэнтуе ўвагу на тым, што ў Беларусі пачалі звяртацца да практыкі, якую ў свой час выкарыстоўвалі многія развітыя краіны. Да нас пачалі прыцягваць імігрантаў, у прыватнасці з краін Сярэдняй Азіі. Нядаўна Беларусь і Манголія падпісалі дарожную карту пра прызнанне дакументаў адукацыі.

- Гэта таксама робіцца з мэтай прыцягнуць кадры ў Беларусь. Але ў такога рашэння ёсць цёмны бок. Спецыялісты з гэтых краін - гэта людзі іншай культуры і менталітэту. Відавочна не ўсе беларусы прывыклі суіснаваць у адной прасторы, на адным прадпрыемстве з такімі людзьмі, - кажа экспертка і адзначае: само па сабе прыцягненне замежнай працоўнай сілы - гэта не дрэнна і не добра, але ў некаторых выпадках пры непрадуманых рашэннях можа прывесці да ўнутранага сацыяльнага напружання.

Без структурных рэформаў, скіраваных на павелічэнне эфектыўнасці эканомікі, і змянення падыходаў да сітуацыі на рынку працы кропкавыя рашэнні не дапамогуць справіцца з абвастрэннем дэфіцыту кадраў і спадарожных складанасцяў.

Ёсць адно простае рашэнне, але чыноўнікі яго ігнаруюць

У абвастрэнне сітуацыі на рынку працы ўнеслі лепту рэпрэсіі. І рэч не толькі ў міграцыі ці масавых арыштах, а ў тым, што ў Беларусі цяпер нават пры недахопе спецыялістаў адмаўляюцца браць на працу людзей з «адміністрацыйкай» праз «палітыку».

- Насамрэч у нас ёсць каму працаваць. Але гэтыя людзі непажаданыя для рэжыму, бо многіх звольнілі з прычыны таго, што ў іх было адміністрацыйнае парушэнне ў сувязі з удзелам у мітынгах, праз каментары ці крамольную татуіроўку, - тлумачыць эканамістка. - Цяпер гэтых людзей не бяруць на працу па палітычных матывах, а не таму, што яны не падыходзяць кваліфікацыяй ці не хочуць працаваць.

Калі чыноўнікі адмовяцца ад гэтай практыкі, гэта можа палепшыць сітуацыю на рынку працы.

Чытайце таксама

«Ідзіце да прыватніка». Праверылі, ці возьмуць дзяржканторы на мінімалку чалавека з «адміністратыўкай» за палітыку (ёсць пра што задумацца)
На харчовым рынку - анамальны скачок цэн на тавары, якія вырабляюць у нашай краіне

Навiны па тэме:

На рынку працы захоўваецца анамальная сітуацыя: наймальнікі «пачкамі» звальняюць работнікаў і адначасова «стогнуць», што няма каму працаваць

Беларуска попала на мстительного нанимателя — получила трудовую с «черной меткой». Но она нашла способ, как поставить его на место

На заводах в регионах не хватает по несколько сотен сотрудников. Кого ищут и сколько готовы платить

Полная версия